ЛЯЧЭ́БНА-ПРАЦО́ЎНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,

прафілакторыі, установы закрытага тыпу, якія ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляюць прымусовае ўздзеянне ў адносінах да хранічных алкаголікаў і наркаманаў, што ў сувязі са злоўжываннем алкаголем і ўжываннем наркатычных сродкаў сістэматычна парушаюць грамадскі парадак і правы інш. асоб. Паводле рашэння раённага (гар.) суда такія парушальнікі могуць быць ізаляваны на тэрмін 1—1,5 года ў Л.-п., для іх мед.-сац. рэадаптацыі з абавязковым прыцягненнем да працы. Рашэнне аб прызнанні асобы хранічным алкаголікам або наркаманам прымаецца камісійна ўрачамі-спецыялістамі ўстаноў органаў аховы здароўя. Л.-п.ў. знаходзяцца ў падпарадкаванні МУС Рэспублікі Беларусь. Пытанні, звязаныя з Л.-п.ў. рэгулююцца заканадаўствам.

Э.І.Кузьмянкова.

т. 9, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)